Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 2 человека

Метадычная скарбонка

Дата: 14 ноября 2016 в 21:47, Обновлено 3 декабря 2019 в 11:48

            Урок - конкурс

«У паэтычным садзе Максіма Багдановіча»  Заключныя заняткі.

Мэта: праверыць i абагульніць веды вучняў па біяграфіі i творчай спадчыне Максіма Багдановіча, пазнаёміць з некаторымі новымі для вучняў аспектамі яго творчасці.

    Удасканальваць уменне выразна чытаць уголас мастацкія творы паэта i беларускіх пісьменнікаў.

    На прыкладзе асобы Максіма Багдановіча, на яго вершах выхоўваць у вучняў пачуццё прыгожага, любоў да радзімы; зацікавіць ix творчасцю песняра.

    Абсталяванне: партрэт паэта, пад iм словы:

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.            

  Плакаты з выказваннямі вядомых пісьменнікаў пра Багдановіча i яго творчасць:

Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт i майстра паэтычнай формы. Сярод беларускіх паэтаў Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай i шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем i пачуццём паэзіі.

Якуб Колас

 Ёсцъ паэты, якія пішуць творы, каб потым з ix выдаць выбранае, але ёсць i паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх i належыць Максім Багдановіч.

Максім Танк

…Унутраны агонъ паэзіі Максіма Багдановіча з цягам часу не згасне... i ў будучым мы ў яго паэзіі знойдзем сябе, таму што «ўсе разам ляцім да зор».

Эмілія Легутэ (літоўская пісьменніца)

 Кніжная выстаўка твораў Багдановіча i літаратурных прац аб iм; выстаўка вучнёўскіх ілюстрацый да вершаў паэта. На стале — букет васількоў.

Э п i г р а ф:

Вечна светлы i вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля.

Мы табой ганарымся — і плачам,

Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім.

У. Караткевіч. «Багдановічу»

 Магнітафонны запіс песні «Магдалена» (верш М. Багдановіча, муз. У. Мулявіна).

         Уступнае слова настаўніка: Кветкамi зямлі хочацца назваць многія вершы беларускіх паэтаў. Кветкі суправаджаюць нас усё жыццё: сустракаюць пры нараджэнні, цешаць у святы, суцяшаюць у старасці. Яны патрэбны нам заўсёды, таму што без хараства чалавек не можа жыць.

    Кветкамі зямлі па праву можна назваць i вершы пісьменніка-дэмакрата, песняра народнай долі, палымянага грамадзяніна i патрыёта сінявокай Беларусі Максіма Багдановіча.

    На сённяшнім уроку мы прынясём сваё незвычайнае вязьмо таленавітаму паэту — букет ведаў па яго біяграфіі i творчай спадчыне; пазнаёмімся з некаторымі новымі аспектамі творчасці Багдановіча.

    Каб наш букет стаў вялікім i рознакаляровым, калі ласка, прыбаўляйце да яго свае краскі- адказы. Кожны конкурс патрабуе спаборніцтва. Як i дамаўляліся загадзя да ўрока, давайце падзелімся на дзве (тры) каманды (кожны рад — каманда), работу якіх будзе ацэньваць журы. (У якасці членаў журы можна запрасіць на ўрок вучняў-старшакласнікаў, настаўнікаў-славеснікаў, бацькоў.)

 1 - ш ы конкурс — на лепшага знаўца творчай біяграфіі Максіма Багдановіча.

Настаўнік. На наш урок-конкурс з беларускіх палёў прыйшла цудоўная, любімая i апетая паэтам кветачка — васілёк. Кветачка незвычайная: на яе пялёстках пытанні. Любому члену кожнай каманды даецца мажлівасць выцягнуць пялёстак i адказаць на пытанне.

    1. Раскажыце пра бацьку паэта. 3 якім вялікім рускім пісьменнікам ён сябраваў, а потым нават стаў сваяком?

(Вядомы беларускі этнограф, фалькларыст i лінгвіст. 3 М.Горкім.)

    2. Назавіце першы твор Багдановіча. Калі i ў якой газеце быў надрукаваны ён?

(«Музыка». У газеце «Наша Ніва» ў 1907 г.)

    3. Багдановіч вядомы i як таленавіты перакладчык. 3 якіх моў ён перакладаў?

(3 рускай, украінскай, французскай, іспанскай, нямецкай i інш.)

    4. Назавіце прозвішча беларускага пісьменніка, з якім Багдановіч сябраваў апошнія гады жыцця? Як назваў пісьменнік свае ўспаміны пра Багдановіча?

(Змітрок Бядуля; «Страцім-лебедзь».)

    5. У якіх гарадах жыў М.Багдановіч?

(У Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.)

    6. Як называецца апошні верш паэта?

(«У краіне светлай, дзе я ўмiраю...»)

    7. Вядома, што паэт пахаваны ў Ялце. На яго магіле пастаўлены помнік. 3 якога твора Максіма Багдановіча ўзяты словы, што напісаны на помніку паэту? Прачытайце ix.

    ( 3 санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі»:

Хоцъ зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая ix сіла

Збудзілася i буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.)

    8. Многія пісьменнікі наведалі мясціны, звязаныя з жыццём Багдановіча. У якіх творах яны апісалі свае ўражанні ад паездкі?

(С.Александровіч. «Пуцявіны паэта»; А. Бачыла. «Дарогамі Максіма Багдановіча»;

М.Стральцоў. «Загадка Багдановіча»; Л. Зубараў. «Макciм Багдановіч» i інш.)

    9. Хто сказаў пра М.Багдановіча: «Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі. Як роўны з роўнымі, беларускі народ мысліўся iм сярод іншых народаў, i ў гэтым галоўныя матывы яго творчасці»?

(Кузьма Чорны.)

    10. Творчасці якіх вялікіх славянскix паэтаў прысвяціў свае крытычныя артыкулы Максім Багдановіч?

(А.Пушкіна i Т.Шаўчэнкі)

11. Якую казку для дзяцей напісаў Багдановіч?

(«Мушка-зелянушка i камарык-насаты тварык».)

    12. Якую беларускую народную песню любіў паэт? (“Не кувай ты, шэрая зязюля...”)

Настаўнік. Наш урок-конкурс называецца “У паэтычным садзе Максіма Багдановіча”. На жаль, сапраўднага фруктовага саду малады паэт не паспеў пасадзіць, бо кароткі быў яго жыццёвы век. Але такі сад, звязаны з імем Максіма Багдановіча, ёсць. Дзе ён знаходзіцца? Хто яго задумаў і пасадзіў? Мы даведаемся з невялікага паведамлення “Максімаў сад”, падрыхтаванага вашым аднакласнікам. (Для паведамлення выкарыстоўваецца артыкул “Максімаў сад” з кнігі Алеся Бачылы “Дарогамі Максіма Багдановіча”. – Мн., 1983. – с. 100-104.)

    Журы падводзіць вынікі конкурсу.

  2-гі конкурс – на лепшага чытальніка твораў М.Багдановіча

    Настаўнік. Максім Багдановіч быў строга патрабавальным да самога сябе, да сваёй творчасці. Ён шмат працаваў над удасканаленнем мастацкай формы сваіх твораў, клапаціўся аб павышэнні паэтычнага майстэрства. За ўзоры беларускай лірыкі Багдановіч быў высока ацэнены сучаснікамі і нашчадкамі. (Настаўнік звяртаецца да плакатаў з выказваннямі Я.Коласа, М.Танка, Э.Легутэ пра М.Багдановіча, яго творчасць і выразна чытае іх.)

    А цяпер пачытаем яшчэ раз творы паэта. (Ад кожнай каманды выступаюць 4-5 вучняў з выразным чытаннем вершаў на выбар.)

    Настаўнік. Вершы Максіма Багдановіча лаканічныя па форме, але напоўненыя глыбінёй думак і пачуццяў. Яны так і просяцца на музыку. Многія з іх натхнілі кампазітараў Беларусі на стварэнне музычных твораў.

    Давайце паслухаем невялікае паведамленне “Паэзія М.Багдановіча ў музыцы” (рэферат вучня, напісаны паводле артыкула В.Васільевай “Максім Багдановіч і музыка”//Народная асвета. 1976. №3).

    Гучыць магнітафонны запіс песні “Магдалена”.

    Зноў слова журы.

 3-ці конкурс – на лепшага знаўца зместу твораў М.Багдановіча

1. У якіх вершах паэт...

а) ...гаворыць, што знойдзеныя зернейкі з’яўляюцца сімвалам вечнага жыцця, бессмяротнасці народнага духу?

(Санет “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...”)

б) ...звяртаецца да народа са словамі:

 «Браця! Цi зможам грамадскае гора?

  Браця! Ці хваце нам сілы?!»

               («Краю мой родны! Як выкляты богам…»)

    2. Хто апісаны ў наступных радках? З якіх твораў гэтыя героі?

  а)Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,

  Свой век канчае ён ў манастырскіх мурах.

  Тут ціша, тут спакой,— ні шуму, нi клапот.

  Ён пільна летапіс чацвёрты піша год.

               (Летапісец з аднайменнага твора.)

  б) ...горды, моцны птах.

  Яго звычаі — арліныя,

  Яго ўцехі — сакаліныя;

  Пер’і-пер’ечкі бялеюцца

  Ды на золаку агнявеюцца.

               (Страцім-лебедзь з аднайменнага твора)

в) Не умее...

  Працаваць,

  Толькі ўмее з хлопцамі

  Жартаваць;

  Анi выткаць кросенкі,

  Aні шыць,

  Aнi стравы хораша

  Наварыць.

                (Мушка-зелянушка з паэмы-казкі “Мушка-зелянушка i камарык — насаты тварык”.)

    3. У якіх творах М. Багдановіча ёсць наступныя пейзажныя замалёўкі?

а) Вечар на захадзе ў попеле

  тушыцъ

  Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

  Ціха ўсё; вецер лістка не

  зварушыць;

  Не скалыхнуцца нi траўкай

  паля. 

                («Вечар на захадзе ў попеле тушыць…»)

  б) Уюцца змейкай срабрыстай

  дарожкі,

  Брызгi золата ў небе блішчацъ,

  I маркотныя месяца рожкі 

  Праз марозную мглу зіхацяць.

                («Зімовая дарога».)

  в) Як мары, белыя бярозы

  Пад сінявой начной стаяць,

  У небе зоркі ад марозу

  Пахаладзеўшыя дрыжацъ.

                (“Зімой”)

    4. 3 якіх твораў наступныя радкі?

а) І прад высокаю красою,

  Увесь зачараваны ёй,

  Скланіўся я душой маёй,

  Натхнёнай, радаснай такою,

  А ў сэрцы хораша было,

  Там запалілася цяпло.

                («Вераніка».)

  б) Ад родных ніў, ад роднай хаты

  У панскі двор дзеля красы

  Яны, бяздольныя, узяты 

  Ткаць залатыя паясы.

                («Слуцкія ткачыхі».)

    Настаўнік. Глыбокая любоў i павага да паэзіі Максіма Багдановіча, да яго самога жывуць у народзе. Іх выказваюцъ у cвaix творах многія мастакі i скульптары.

Давайце зноў паслухаем невялікае паведамленне «У жывапісе, графіцы, скульптуры». (Дакладчык спалучае выступленне з дэманстрацыяй твораў мастацтва. Варта выкарыстаць артыкул А. Марачкіна «Заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька» // Беларуская мова i літаратура ў школе. 1988. № 5.)

    Падводзяцца вынікі 3-га конкурсу.

    4-ты конкурс — на лепшага ілюстратара твораў Багдановіча.

    Адзін з членаў журы на дадзеным этапе ўрока сцісла аналізуе вучнёўскія ілюстрацыі, паведамляе камандам агульную колькасць балаў за гэты конкурс.

    5-ты конкурс — на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаных

М. Багдановічу.

    Настаўнік. Пра таленавітага песняра сінявокай Беларусі напісана шмат паэтычных твораў. Давайце паслухаем некаторыя з іх.

    Педагог чытае на памяць верш У. Караткевіча «Багдановічу». Далей ад кожнай каманды выступаюць 2 - 3 чытальнікі з выразным чытаннем твораў пра Максіма Багдановіча.

    На ўроку  прагучалі наступныя вершы беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна «...Сплывала хмара ў беспрытульнасць сноў»; Уладзіміра Караткевіча «На роднай магіле»; Ніла Гілевіча «Апошняе спатканне з Веранікай»; Станіслава Шушкевіча «Спяваў салоўка песню маю»; Максіма Лужаніна «Васілёк»; Максіма Танка «Над магілай М. Багдановіча»; Віктара Гардзея «Максіму Багдановічу»; Міхася Пазнякова «У Максімавым садзе»; Яўгеніі Янішчыц «Ялта — 1917»; Алеся Салаўя «Максіму Багдановічу» i інш.

    Bынікі ўрока падводзяць члены журы.

Літаратурная віктарына “Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча”


1. 3 якога ўрыўка-перакладу наступныя вершаваныя радкі паэта? Прыгадайце назву першакрыніцы.

Ізяслаў, сын Васількоў,
Даўнымі часамі
Аб літоўскія шаломы
Пазваніў мячамі…

2. Якую кветку Максім Багдановіч лічыў сімвалам нашай Беларусі? Прыгадайце іншую назву гэтай расліны. У якіх вершах паэт узгадвае «цвяток радзімы»?

3. Прыгадайце назвы твораў, якія напісаны ў наступных вершаваных формах:

а) рандэль, тэрцына, рандо, пентаметр, байка (па адным прыкладзе);
б) раманс (два прыклады);
в) санет, трыялет (пяць-шэсць прыкладаў).

4. «Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам», — так назваў сваю паэму Максім Багдановіч. Пра які твор ідзе гаворка? Што не умела рабіць галоўная гераіня паэмы? Да чаго гэта прывяло? Што здарылася з галоўным героем у фінале?

5. Якім псеўданімам падпісваў Максім Багдановіч свае вершы «Падвей», «Лясун» («Сосны, елі, хвоя, хвошчы…»), «На чужыне», «Ноч», «Пугач»? Хто даў паэту гэты псеўданім?

6. Якія назвы планаваў даць Максім Багдановіч наступным сваім зборнікам вершаў? Намалюйце эскіз вокладкі да аднаго з іх.

7. Аб сваей задуме Максім Багдановіч аднойчы паведаміў Змітраку Бядулю наступнае: «Я задумаў твор на тэму біблейскага міфа. Гэтую тэму навеяла мне вайна, гібель мільёнаў і мой уласны лёс. Да чаго абрыдла мне такое жыццё! Дзень за днём у земстве. Справаздачы. Калонкі лічбаў…» Пра якую паэму ідзе гутарка? Якая біблейская легенда легла ў аснову твора? Як называецца падобны верш рэлігійна-легендарнага характару?

8. У якім вершы Максіма Багдановіча, што гучыць як гімн роднай Беларусі, ёсць наступныя радкі?

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь…

9. Галоўныя героі апавядання Максіма Багдановіча і паэмы Якуба Коласа граюць на адным музычным інструменце. Якім? Прыгадайце назвы гэтых твораў.

10. Каму належаць словы пра Максіма Багдановіча?

Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай тарой,
Бо як ёсць у народа такія —
Не загіне давеку народ. (1966)

11. «Значэнне Багдановіча ў гісторыі нашае літаратуры найбольшае ў тым, што сярод нашаніўцаў гэта быў паэт — інтэлігент і чалавек з вялікай адукацыяй. Дзеля гэтага ён ведаў у працэсе творчасці тое, чаго не маглі зусім сведама адчуць песняры-самавучкі, і ўсходзіў на такі памысны кірунак творчасці, на каторы пры адной здольнасці ад прыроды, без яе развіцця не заўсёды можа ўзысці самы вялікі талент».

Хто даў гэтую ацэнку Максіму Багдановічу? Як называецца кніга аўтара выказвання, адкуль узята цытата?

12. Што вам вядома пра бацьку паэта? Як яго імя? Чым ён займаўся? Які псеўданім даў свайму сыну Максіму?

13. Назавіце вершаваны цыкл паэта, прысвечаны каханай дзяўчыне. 3 якіх твораў гэты цыкл складаецца? Як імя і прозвішча каханай паэта?

14. «Сярод глухой пушчы…» Так пачынаецца незакончанае апавяданне Максіма Багдановіча пра працавітага мужыка Каліну і яго дзяцей. Якія «найпатрэбнейшыя рэчы» паклалі ў магілу бацькі яго дзеці? Паданне пра якую вёску легла ў аснову твора?

15. «…Вострыя сякеры, нажы, калёныя галоўкі да стрэлаў і коп’яў, мячы, а таксама «шэломы» (жалезныя шапкі), «кальчугі» (шырокія кашулі, зробленыя ўсе чыста з дробных жалезных калечак), шчыты ды іншыя рэчы, патрэбныя ў часе вайны. <…> Апроч зброі, кавалі ўмеюць вырабляць яшчэ пекныя пярсцёнкі, кольчыкі ў вушы, блішчастыя запоны і гузікі, і не толькі з жалеза ці спіжу, а нават з золата і срэбра».

Усё тэта вырабляюць кавалі ў сваіх кузнях на Кавальскай вуліцы. Як называеццаапавяданне М. Багдановіча, дзе ідзе размова пра яе жыхароў і іх заняткі?

16. Усевалад Ігнатоўскі назваў Максіма Багдановіча «гасцём з высокага неба». Чалавек з вялікай эрудыцыяй выдатна валодаў не толькі многімі мовамі свету, але і «касмічным зрокам». Адзін з рамансаў паэта цесна звязаны з небам, адтуль яго насельніца сочыць за закаханымі на зямлі, выступав сімвалам кахання. Што гэта за зорка? Як называецца раманс? Хто з’яўляецца аўтарам музыкі?

17. Назавіце мясціны Беларусі, якія наведваў Максім Багдановіч.

18. Прыгадайце апошні верш паэта.

19. Пералічыце прозвішчы заходнееўрапейскіх паэтаў, чые творы перакладаў М. Багдановіч на беларускую мову.

20. Смерці ў паэта няма — Ёсць нараджэнне…

Назавіце аўтара паэтычных радкоў і назву верша, прысвечанага М. Багдановічу.

21. Вядома, што Максім Багдановіч першым прыступіў да стварэння мастацкага летапісу сярэдневяковай Беларусі. Назавіце вершы з гэтага цыкла.

Адказы на літаратурную віктарыну “Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча”

1. «Песня пра князя Ізяслава Полацкага» са «Слова пра паход Ігаравы».

2. Васілёк. Валошка. Вершы «Слуцкія ткачыхі», «На чужыне».

3. А) Рандэль «На могілках», «На чужыне», тэрцына «Ёсць чары ў забытым, старадаўнім…», рандо «Узор прыгожы пекных зор», пентаметр «Чыстыя слёзы з вачэй пакаціліся нізкай парванай…», байка «Варона і чыж».

Б) Рамансы «Не знайсці мне спакою ні цёмнаю ноччу, ні днём…», «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…».

В) Санеты «Замёрзла ноччу шпаркая крыніца…», «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…», «На цёмнай гладзі сонных луж балота…», «У Вільні», «Прынадна вочы ззяюць да мяне…»; трыялеты «Мне доўгае расстанне з вамі…», «Дзераўлянае яечка…», «Калісь глядзеў на сонца я…», «Як птушка ў гібкіх трасніках…», «С. Палуяну» («Ты быў, як месяц адзінокі…»), «Крытыку» («Чэліні статуй не рабіў…»).

4. «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Не умела працаваць, ткаць кроены, шыць, варыць стравы. Усё гэта прывяло да смерці яе мужа. Камарык зваліўся з дуба і трагічна загінуў.

5. Максім Крыніца. Даў гэты псеўданім Максіму Багдановічу Ядвігін Ш.

6. 1) «Маладзік» або «Красавік»; 2) «Пярсцёнак»; 3) «Шыпшына»; 4) «Палын-трава».

7. «Страцім-лебедзь». Біблейская легенда пра патоп. Апокрыф.

8. «Пагоня».

9. Скрыпка. Апавяданне М. Багдановіча «Музыка». Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка».

10. Уладзіміру Караткевічу.

11. Максім Гарэцкі. «Гісторыя беларускае літаратуры».

12. Бацька — Адам Ягоравіч Багдановіч — сын былога прыгоннага, але яму ўдалося скончыць у 1868 г. Нясвіжскую семінарыю. У 1880-я гады стаў актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху — вёў работу з нарадавольцамі, а затым і з першымі прапагандыстамі марксізму ў Мінску. У 90-я гады XIX ст. выдаў некалькі брашур, сярод якіх «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (1895).

13. Цыкл «Мадонны». Складаецца з дзвюх паэм «Вераніка» і «У вёсцы», прысвечаных Ганне Какуевай.

14. Сякеру, нож, агніва, красала і шмат іншага. Веска Калінавічы.

15. «Гарадок».

16. Венера. Раманс «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…». Музыка С. Рак-Міхайлоўскага, апрацоўка А. Вагатырова, С. Палонскага.

17. Гарады Мінск і Гродна, веска Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна, веска Вяззе Асіповіцкага раёна.

18. «У краіне светлай, дзе я ўміраю…»

19. Гейнэ, Верлен, Шылер, Гётэ, Верхарн.

20 Яўгенія Янішчыц. «Ялта — 1917».

21. «Летапісец», «Перапісчык», «Кніга», «Безнадзейнасць» (цыкл «Старая Беларусь»).

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.